Як Дзень роднай мовы адзначае беларуская дыяспара ў Маскве?

Дзень роднай мовы адзначаюць сёння і беларусы Масквы. Наша суполка ў Расii – адна з самых вялікіх. Па афіцыйных звестках, у краіне стала пражываюць звыш 500 тысяч нашых суайчыннікаў. Але з улікам тых, хто прыязджае ў Расiю часова, гэтая лічба становіцца значна большай. Месца творчых сустрэч у Маскве для тых, хто шануе роднае слова, – гэта дзелавы i культурны комплекс пры амбасадзе Беларусі. Там адбываюцца імпрэзы, якія не даюць разарваць моўнай сувязі з Радзімай.

Нашае слова ў Маскву прыйшло з «Медунiцай». Такую назву мае магілёўскі ансамбль песні і танца. Ім апладзіравалі і Еўропа, і Азія. Сёння – канцэрт у беларускай амбасадзе ў Расii. Паслухаць родную мову сюды прыйшлі тыя, для каго беларуская мова не проста спалучэнне гукаў. Для іх і выставу падрыхтавалі адпаведную. Праект «Літ Арт», дзе графемы становяцца прадметам мастацтва. У дадзеным выпадку – каліграфіі.

Былы міністр замежных спраў Беларусі Іван Антановіч – адзін з тых, хто працаваў у ЮНЭСКА, калі там абмяркоўвалася неабходнасць увядзення дня роднай мовы. Сам дакумент ён не прымаў, бо паўнамоцтвы прадстаўніка Беларусі склаў роўна за год да гэтага, але асабіста бачыў дакументы, якія сведчылі пра пагрозу шматлікім мовам свету. Цяпер Іван Антановіч выкладае ў Маскве, з землякамі стараецца гаварыць па-беларуску, заўсёды тым, хто гэтага саромеецца, нагадвае аб сваім вялікім папярэдніку Андрэю Грамыку. У маўленні вельмі адукаванага чалавека, які выдатна валодаў ангельскай мовай, заўсёды захоўваўся беларускі акцэнт.

У нашай мовы, безумоўна, сітуацыя небезнадзейная. Зараз толькі ў Расіі працуюць каля сотні грамадскіх арганізацый беларусаў. Усе яны аб'яднаныя ў нацыянальную культурную аўтаномію. Суайчыннікі збіраюць сакрэты рамёстваў, запісваюць песні і вывучаюць танцы. Дзякуючы нашым землякам расіяне цяпер ведаюць, як святкаваць Купалле і Дажынкі, чытаюць у арыгінале Багдановіча і Коласа.

Беларуская мова, калі звярнуцца да сацыяльных даследаванняў, у Расii не была і, што самае важнае, не будзе мёртвай. Яе захоўвае не толькі наша дыяспара. Мову хочуць вывучаць і самі расіяне. Гэта пацвярджаюць і фестывалі моў, якія праводзяць лінгвісты ў маскоўскіх універсітэтах, і школы моў суседзяў, якія перыядычна адкрываюцца ў сталічных бібліятэках. Амаль усе іх слухачы звычайна працягваюць навучанне ўжо ў Мінску.

Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен и Telegram

Корреспонденты:
Светлана Карульская
География:
Россия