У Дзень роднай мовы, 21 лютага, усе выпускі навін, «Навін спорту» і навіны надвор'я на тэлеканале АНТ выйдуць на беларускай мове, гэтаксама як і праграма «Наша раніца», вядучымі якой стануць Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук з NаvіBаnd.
«Гэта для нас не новы вопыт: у мінулым годзе на Тэлеканале АНТ 21 лютага праграма “Наша раніца” выходзіла цалкам на беларускай мове. Мы атрымалі цудоўны водгук ад нашых тэлегледачоў: было шмат званкоў з падзякамі. У гэтым годзе вырашылі пайсці далей і падключыць да Дня роднай мовы і інфармацыйную службу: 21 лютага ўсе выпускі “Нашых навін” і “Навін спорту”, а таксама навіны надвор'я выйдуць на беларускай мове, а вядучымі праграмы “Наша раніца” стануць Арцём Лук'яненка і Ксенія Жук з гурта NaviBand. Так што ўключайце АНТ – будзем вас здзіўляць!» – распавяла прэс-сакратар АНТ Святлана Ціханава.
«Гэта была наша ініцыятыва, прычым ідэя ўзнікла яшчэ летась у маі, NаvіBand якраз толькі вярнуліся з “Еўрабачання”, і мы загадзя дамовіліся: калі ў гурта будзе не надта насычаны гастрольны графік, зладзім з імі беларускамоўны эфір, – расказала кіраўнік дырэкцыі ранішняга вяшчання АНТ Таццяна Рудакоўская. – Яны вельмі арганічныя, эмацыйныя і сапраўдныя, таму мусіць атрымацца цікава».
Дарэчы, навіны ў гэты дзень будуць весці Наталля Немагай, Кацярына Валовік, Дзмітрый Максімовіч, Кацярына Цішкевіч і Аляксандр Аверкаў, «Навіны спорту» – Марыя Лемешава, навіны надвор'я – Крысціна Вінярская.
Подписывайтесь на нас в Telegram