Караткевіч, Батракова, Акунін, Маркес... Якія кнігі чытаюць беларусы?

Беларусы – адна з самых чытаючых нацый у свеце. У сярэднім на аднаго чалавека ў нашай краіне выдаецца 3 кнігі на год. Па дадзеных Белстата, толькі летась беларускімі выдавецтвамі было выпушчана 11 тысяч адзінак кніг агульным тыражом звыш 31 мільёна экзэм
Караткевіч, Батракова, Акунін, Маркес... Якія кнігі чытаюць беларусы?

Беларусы сёння з'яўляюцца адной з самых чытаючых нацый у свеце. У сярэднім на аднаго чалавека ў нашай краіне выдаецца 3 кнігі на год. Па дадзеных Белстата, толькі летась беларускімі выдавецтвамі было выпушчана 11 тысяч адзінак кніг агульным тыражом звыш 31 мільёна экзэмпляраў. Аднак наколькі яны папулярныя? Ці чытаюць беларусы папяровыя кнігі? І калі чытаюць, то якія: фантастыку, дэтэктывы, рускую класічную літаратуру ці замежную сучасную?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, ONT.BY вырашыў з першых вуснаў даведацца, якія кнігі купляюць беларусы. Такім чынам, вашай увазе  топ кніг, якія па выніках трэцяга квартала 2014 года куплялі ў спецыялізаваных крамах Беларусі часцей за ўсё. Каб рэйтынг быў больш аб'ектыўным, мы папрасілі скласці топ-10 самых запатрабаваных кніг і спецыяліста Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

У топ не ўключалі навучальную літаратуру і правілы дарожнага руху. Усяго ў нас атрымалася тры спісы. Мы папрасілi пракаментаваць іх паэта, перакладчыка, старэйшага выкладчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Арцёма Мікалаевіча Кавалеўскага.

*Эксперт каментуе толькі тыя кнігі, якія ён ведае асабіста.


«Маркес “Сто лет одиночества” – гэта класіка, абсалютна інтэлектуальная проза, і дзякуй Богу, што яна дагэтуль карыстаецца попытам. Гэта шэдэўр літаратуры. Мне здаецца, гэта, з аднаго боку, заканамерна, а з іншага боку, тое, што такія кніжкі карыстаюцца попытам, сведчыць пра добры інтэлектуальны ўзровень, таму што гэта харошая літаратура.

Сэлінджэр “Над пропастью во ржи”  – гэта таксама класіка, гэта тое, што тычыцца складаных узаемаадносін людзей паміж сабой, экзістэнцыйная пэўная праблема.

Вішнеўскі “Одиночество в сети”. Я ведаю, что гэтая кніжка была вельмі модная і папулярная. Яна з’явілася ў той час, калі ICQ, Skype – усё гэта толькі пачыналася і было вельмі модна. Мне здаецца, яна з’явілася своечасова. Літаратура павінна быць рознай: як сур’ёзнай, так і забаўляльнай. Гэтая кніга разлічана на людзей у тэме, у трэндзе, якім гэта знаёмае. Праблема вельмі актуальная, і тое, што ён яе зацапіў, аўтар намацаў тое, што можа стварыць яму поспех, і тое, што прачытаецца. Сапраўды, усе перадумовы бэстсэлера былі, і яны реалізаваліся ў гэтай кніжцы.

Дзякуй Богу, што ў гэты рэйтынг трапіла кніжка “Дзікае паляванне караля Стаха”. Гэта зноў жа такі класіка, але яна сваёй актуальнасці не страціла, яна вельмі лёгкая, захапляльная, але, нягледзячы на тое, што гэта дэтэктыў, там яшчэ ёсць наша гістарычная спадчына. Сюжэт вельмі востры, рухавы, неадназначны. Зноў жа, чытаецца на адным дыханні! Я помню, упершыню прачытаў гэтую кніжку школьнікам, і мне было вельмі класна яе чытаць. Бадай, што гэта сапраўды караткевіцкі бэстсэлер, які будзе зразумелы як інтэлектуалу, які ведае гісторыю, які зможа суадносіць пэўныя рэаліі, якія апісаны, але і чалавеку, абсалютна далёкаму ад спасціжэння нашай гістарычнай спадчыны, дзякуючы дэтэктыўнаму сюжэту.

Санаеў “Хроники раздолбая” я не чытаў, але ведаю гэтага аўтара па кніжцы “Похороните меня за плинтусом”. Ён звяртаецца да вельмі вострых праблемаў, складанасцей, паталогій чалавечых, таму кніжка, напэўна, вартая прачытання.

“Ангелы на льду не выживают”  – гэта чарговая кніжка Марынінай. Напэўна, калі гэта дэтэктыў чарговы, то заўжды знойдзяцца людзі, якім гэта падабаецца. Марыніна   падпалкоўнік міліцыі, яна ведае сітуацыю, і калі яна ўмее круціць сюжэт, то чытач знойдзецца заўсёды.

Джэйн Осцін “Гордость и предубеждение”. Некаторыя лічаць гэта класікай, але, на мой погляд, гэта таксама модная літаратура, толькі для жанчын.

Джэймс “На пятьдесят оттенков темнее” –  гэта, наколькі я ведаю, эратычны раман. Гэта бульварная літаратура, якая заўжды будзе. Такая літаратура апісвае стасункі мужчыны і жанчыны, не робячы адкрыцця па вялікім рахунку. Ведаеце, палавы акт апісваўся ў літаратуры шматлікімі аўтарамі. Хтосьці гэта робіць парнаграфічна, а хтосьці з гэтага робіць сюжэт, як Бунін. Ён рабіў гэта шэдэўральна! Там была вастрыня, пэўная нявыказанасць… А калі гэта робіцца наўпрост і калі чалавек чытае гэта, каб у яго абвастрыліся, узбудзіліся фізіялагічныя запатрабаванні, то гэта ўжо, мне здаецца, не літаратура».

*Гэты спіс ахоплівае самую вялікую колькасць пакупнікоў. Літаратуру, якая ўвайшла ў гэтую дзясятку, чытаюць і ў глыбінцы, і ў сталіцы. Напэўна, гэты топ-10 як мага лепш адлюстроўвае літаратурныя густы беларусаў.

«Роўлінг “Гарри Поттер и философский камень”  –  абсалютна харошая літаратура. Вітаю такую кніжку, таму што яна вельмі якасна прапісаная, такая пашыраная казка, умоўна кажучы. Не ведаю, ці чытаюць гэта дарослыя, але дзеці, безумоўна, чытаюць яе з задавальненнем. Мне здаецца, што аўтарка абсалютна трапіла. Там ставяцца класічныя пытанні: дабро, зло, сяброўства. І гэта напісана забаўляльна. Некаторыя негатыўна ставяцца, а я абсалютна “за”. У любой нацыянальнай літаратуры, калі з’яўляецца такая кніжка, гэта вялікі поспех. У нас калісьці была кніжка “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. Я ведаю, што дзецям яна вельмі падабалася. Штосьці накшалт гэтага зрабіла Роўлінг. Але крыху ў іншым жанры.

“Инферно” Браўна я не чытаў, але ведаю гісторыю з “Кодом да Винчи”. Напэўна, тут таксама шмат містыкі, містыфікацый пэўных, псеўданавуковых здагадак. Я лічу, што вось гэта чытво безумоўнае, таму что кніжка па вялікім рахунку не робіць ніякага адкрыцця, яна як фільм жахаў, які часам хочацца паглядзець. Адна справа, што фільм жахаў ты хутка можаш паглядзець і атрымаць пэўнае задавальненне, іншая справа чытаць такую літаратуру.

“Чёрный город” Акуніна  – гэта чарговы яго дэтэктыў. Я лічу, што гэтая літаратура вышэй узроўнем за Марыніну, таму што ён усё ж такі сур’ёзны літаратар, які намацаў сваю дэтэктыўную сцежку».

«“Уличный кот по имени Боб” Джэймса Боўэна. Мне параілі гэтую кніжку мае студэнты. У меня да яе асаблівае стаўленне. Чаму? Таму што я сам фанат катоў. Прачытаў я гэтую кнігу лёгка, хутка, з пэўным задавальненнем. Хутчэй за ўсё, за Боўэна кнігу хтосьці напісаў. То бок ён прапанаваў сваю гісторыю агенту, “літаратурнаму рабу”, таму што ён сам неадукаваны чалавек. Але ў гэтай кніжцы каштоўна сама гісторыя. Стылістычнай якасці тут няма. Я чытаў і думаў: калі хоць будзе нейкае лірычнае адступленне ў апісанні ката? Але сама гісторыя вельмі-вельмі шчымлівая. Лічу, што кніжку варта прачытаць у першую чаргу моладзі, таму што там ставіцца пытанне, як пазбавіцца ад залежнасці, метадонавая праграма. Гэта харошая шчымлівая гісторыя, я думаю, нават кіно з яе здымуць. Я яе ўспрымаю як сцэнар для фільма. Ёсць, здаецца, і працяг гэтай гісторыі. Кот абсалютна мілы! Мне падабаецца, што гэтая гісторыя абсалютна праўдзівая, што сапраўды сустрэліся, як кажуць, дзве адзіноты. І вось гэтая шчырасць, яна падкупляе.

“Мистер Мерседес” Стывена Кінга. Я ніколі не любіў фэнтэзі. Не магу сказаць, чаму ён папулярны. Я лічу, што Стывен Кінг – гэта дрэнная літаратура ў прынцыпе.

“История Российского государства” Акуніна. Что тут можна сказаць? Гісторыя, гістарычная тэма заўжды цікавая, тым больш калі ён прыўносіць туды каліва нейкай інтрыгі, дэтэктыўнай гісторыі, гэта такі бяспроігрышны варыянт.

“Научите себя думать” Тоні Бьюзена. Такое будзе заўжды папулярнае сярод неглыбокай аўдыторыі. Таму што чалавек, які чытае кніжкі, ён ужо думае, як і чалавек, які размаўляе сам з сабой. Я лічу, што гэта не літаратура, а прапісаны трэнінг. Гэта пэўная практыка, якая на сам рэч не дзейнічае. Гэта як гэтая ж кніжка “Как бросить курить за 3 дня”. Я яе прачытаў, і мне яшчэ больш захацелася!

Харпер Лі “Убить пересмешника”  –  гэта аўтабіяграфічная кніжка самой аўтаркі. Зараз папулярна тое, што мае пэўную гісторыю. Людзей цікавіць гісторыя як такая. І калі за гэтай гісторыяй ёсць праўда, то літаратар можа стаць абсалютна запатрабаваным.

З Віктарам Пялевіным усё зразумела. Гэта маргінальныя слаі грамадства, усё, што крыху на ўзбоджу стаіць, як жыве чалавек, які застаўся на ўзбоджу лёсу. Гэта літаратура цікавая, мне здаецца, людзям да 30 гадоў».

«Папяровыя кнігі купляюць, аднак занадта менш, чым раней, –  расказала ONT.BY уладальніца прыватнай кніжнай крамы. – Калі раней у трэндзе былі праводнікі і розныя даведнікі, то сёння ў модзе мастацкая і дзелавая літаратура. Часта прыходзяць проста даведацца пра навінкі, пагартаць кнігу, а потым дома знаходзяць яе ў электронным варыянце. Гэта і зразумела: кнігі цяпер – задавальненне нятаннае».

Цэны на папяровыя кнігі сапраўды «кусаюцца». Напрыклад, «Любовь к трём цукербринам» Віктара Пялевіна каштуе больш за Br250 тысяч, «История Российского государства» Барыса Акуніна ў цвёрдай вокладцы – каля Br260 тысяч, «Мистер Мерседес» Стывена Кінга – Br130 тысяч. Цэны на энцыклапедыі і альбомы ўвогуле пачынаюцца з Br300 тысяч. Таму многія беларусы аддаюць перавагу планшэтам, «рыдарам» і іншым прыладам для чытання кніг «на далоньцы».

Вядома, фанаты папяровай кнігі ніколі не будуць згоднымі з тым, што «чыталка» зможа замяніць «жывую» кнігу. «А як жа пах паліграфічнай фарбы, шамаценне старонак, нарэшце энергетыка?» – спытаюць яны. Што і на чым чытаць, кожны павінен вырашыць сам. Дый электронныя кнігі могуць дзяліць месца на кніжнай паліцы з папяровымі. А якаснае ілюстраванае выданне можа стаць такім жа добрым падарункам, як «рыдар». Галоўнае, што кніга ў нашай краіне не страціла сваю каштоўнасць і ў беларусаў жыве жаданне чытаць, пазнаваць новае і рабіцца лепей.

А як у іх?

Амаль у кожнай еўрапейскай краіне ўлада імкнецца прымусова «пасадзіць» за кнігу сваіх грамадзянаў. У Польшчы для гэтага вылучаюць 322 мільёны даляраў на наступныя сем гадоў, ці каля 46 мільёнаў даляраў у год. Магчыма, хочуць выправіць статыстыку: у сярэднім паляк купляе ўсяго паўтары кнігі ў год, тым часам чэх  14. У Эстоніі ж на выданне кніг ідуць грошы, атрыманыя ад акцызаў на алкаголь. Але найбольш паслядоўна чытанне падтрымоўвае Францыя. Дзяржава дапамагае незалежным выдавецтвам, аплачвае падпіску за год на адно з выданняў для моладзі ва ўзросце 18-24 гадоў, а таксама змагаецца з непісьменнасцю сярод мігрантаў. А ў кітайскім мегаполісе Чунцын кнігі прадаюць не паштучна, а на вагу. Такім чынам уладальнікі кнігарняў спрабуюць павялічыць папулярнасць друкаваных выданняў сярод моладзі.

Iнфаграфіка: Вераніка Фрэйтак
Фота: Уладзімір Суцягін 

Подписывайтесь на нас в Telegram