Общенациональное телевидение

Паразуменне знойдзена: Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі пастаўкі нафты

Читать на сайте ont.by

Перамовы па нафце і прамы кантакт з расійскімі рэгіёнамі – такі дыяпазон тэм сёння абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Архангельскай вобласці Ігарам Арловым. Але інфармацыйныя стужкі ўскалыхнула іншая падзея.

Справа ў тым, што сустрэчы з дэлегацыяй расійскага рэгіёна папярэднічала тэлефонная гутарка Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Званок адбыўся па ініцыятыве расійскага боку. Падчас размовы лідары абмеркавалі шэраг актуальных тэм: будаўніцтва Беларускай АЭС, перспектывы супольных праектаў. Але галоўная тэма – гэта забеспячэнне энергарэсурсамі. Беларусь і Расія нарэшце знайшлі паразуменне ў нафтавым пытанні. Гэта пагадненне наш Прэзідэнт назаве «рухам наперад».

Прадметная гутарка адбылася сёння і з дэлегацыяй Архангельскай вобласці. Работа з регіёнамі надзвычай цікавая для Беларусі. І, як сведчыць практыка, абодвум бакам прыносіць добрыя вынікі.  У супрацоўніцтве з Архангельскай вобласцю прыярытэтнымі накірункамі з’яўляюцца машынабудаванне, будаўніцтва жылля і сельская гаспадарка. 


Упершыню Аляксандр Лукашэнка і Ігар Арлоў сустрэліся 5 гадоў таму. Тады партнёры хутка знайшлі агульную мову і вызначылі з дзясятак сфер для нарошчвання супрацоўніцтва. Аднак з тых часоў шмат што змянілася. Напрыклад, Архангельская вобласць тады актыўна пастаўляла ў Беларусь цэлюлозу і паперу; цяпер ужо ў нашай краіне працуюць куды больш сучасныя і маштабныя вытворчасці. Акрамя таго, Архангельск прадаваў Мінску сырую нафту; ці варта нагадваць, што і з гэтым сёння існуюць пытанні. Вырашаюць іх на вышэйшым узроўні. Да перамоваў з губернатарам Арловым нафтагазавыя спрэчкі наш Прэзідэнт па тэлефоне абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным.

Звесці дэбіт з крэдытам – задача для прэм’ер-міністра. У сваю чаргу прэзідэнты абмеркавалі яшчэ адзін перспектыўны праект – будаўніцтва першай атамнай станцыі ў Егіпце. Праект на беразе Міжземнага мора рэалізуе «Расатам», але пакуль чатыры энергаблокі выраслі толькі на паперы.

Архангельская вобласць – найбуйнейшы расійскі рэгіён у Еўропе, і ўсё ж гэта крайняя поўнач. А значыць, халодная і доўгая зіма, кароткае і не надта цёплае лета. На паўночным усходзе вобласці – увогуле тэрыторыя вечнай мерзлаты. Для сельскай гаспадаркі – не лепшыя ўмовы. А вось прамысловасць па аб’ёмах вытворчасці развіта ў 14 разоў лепш за аграрны сектар. Тут здабываюць алмазы, нафту, газ, вугаль і торф. З дапамогай беларускай тэхнікі. Жыхары Архангельскай вобласці добра ведаюць і пасажырскі транспарт, і прадукты харчавання з Беларусі. А неўзабаве, калі атрымаецца, яшчэ і пераедуць са сваіх старых кватэр у новенькія беларускія кварталы.

Беларусь гатова таксама пастаўляць лесанарыхтоўчую тэхніку і дзяліцца вопытам у здабычы і выкарыстанні торфу. Але яшчэ больш расійскаму рэгіёну неабходна дапамога ў стварэнні эфектыўнага аграрна-прамысловага комплексу.

Архангельская дэлегацыя ў Беларусі знаходзілася ўвесь тыдзень. Былі перамовы ва ўрадзе, сустрэчы з бізнесам, наведванне прадпрыемстваў і навуковых інстытутаў. Падпісаны праграмы супрацоўніцтва, заключаны кантракты, але галоўнае – ёсць падтрымка, з якой усё гэта прасцей рэалізаваць. 

Подписывайтесь на нас в Telegram

Другие новости на ont.by