Общенациональное телевидение

Мода на мову, або Як стымуляваць камунікацыю па-беларуску?

Читать на сайте ont.by

На вялікі жаль у нас яшчэ ёсць тыя, хто ўпарта хоча любыя размовы аб нацыянальнай мове ўкруціць у палітычную плоскасць і, магчыма, паспрабуе нават у гэтым нашым матэрыяле убачыць нейкі таемны сэнс. Дарэмна. Гэты рэпартаж зусім пра іншае. Глядзіце – і ўсё зразумееце.

Сведка беларусізацыі 1920-х, рэформы граматыкі ў 30-х гадах, тады ж дэбютаваў як пісьменнік. Як салдат Муравейка прайшоў праз усю вайну і 9 мая 45-га пакінуў «аўтограф» на сцяне рэйхстага. «Івану з Беларусі» хутка 98, а ў жыхара Любані – ні дня без радка на любай мове.  

Іван Муравейка, пісьменнік, заслужаны работнік культуры БССР: «На літаратурных курсах у Маскве прыйшлося пераходзіць на рускую мову, але ўсё роўна хлопцы пазнавалі – беларус! Вымаўленне другое зусім. Зачатак жыцця – у маці ў жываце, ужо прывіваецца мова». 

У народзе кажуць: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. Садок у самым цэнтры сталіцы. Пяць груп (да 28 выхаванцаў) выключна беларускамоўныя. Жаданне бацькоў, пры тым, што ў большасці сем’яў, не сакрэт, дамінуе руская мова. Тады навошта? Да прыкладу, «папера» – яна і па-англійску paper.    

Вольга Кісялёва, выхавальнік яслей-садка №187 г. Мінска: «Асабліва ў 3-4 гады, яны ўпітваюць сама больш. Дома чытаць трэба літаратуру беларускую, даваць слухаць казкі беларускія, «Калыханку», наведваць музеі, хадзіць на экскурсіі, далучаць дзіця да сваёй мовы». 

Рыхтуецца прэм’ера – «Дзеці шпіёнаў-3». У гэтай частцы гульня скончваецца для герояў Бандэраса і Сталонэ. Стваральнікі ж праекту «Кіно па-беларуску» зараз працуюць над перакладам «Чарапашак-ніньдзя». «Беларускія ўікэнды» збіраюць амаль поўныя залі ўжо ў 40 месцах краіны.  

З пачатку года ў краіне выдадзена 605 найменняў кніг і брашур на мове. Агульны тыраж – больш чым за паўтара мільёна.Фотаздымак зроблены на тыдні ў мінскай кнігарні. Усё, што ў карзіне, па-беларуску, было набыта. Не выключэнне, гандлярам папяровымі носьбітамі хлусіць няма сэнсу.   

Ірына Булаўкіна, галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Беларусі: «У новым навучальным годзе будзе існаваць 3003 ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод іх каля 1280 – з беларускай мовай навучання. Незалежна ад мовы навучання, з 2 па 11 класы вывучэнне беларускай і рускай мовы арганізавана ў роўнай колькасці гадзін». 

Большасць беларускамоўных школ – у рэгіёнах. Па дадзеных перапісу насельніцтва, 10 год таму самымі «маўленчымі» з’яўляліся Гродзенская вобласць і Міншчына. Сярод гарадоў лідар – Клецк, звыш 75% кажуць «добры дзень» кожны дзень. Попыт нараджае прапанову, ці наадварот? 

Большасць карыстальнікаў Facebook прадпрымальнікі. Стымуляваць камунікацыі па-беларуску – мэта групы «Беларуская мова на спажывецкім рынку» (ужо звыш 3000 удзельнікаў). Гэтым летам мова з’явілася і ў мэсэнджарViber. Пакуль версія тэставая, толькі на iOS-прыстасаваннях.       

Андрэй Залатар, мэнэджэр праекта «Беларускія казкі»: «У гэтай праграме ёсць інтэрфейс на рускай і англійскай мове, але сам матэрыял на беларускай мове збіраў Алег Хаменка, лідар гурта «Палац», і гэта наш сумесны праект. Большая частка спампаванняў не з Беларусі». 

Нядаўняе даследванне: вучоныя з Паўднёвай Карэі папрасілі падыспытных, усынаўлённых з Галандыі, вымавіць шэраг галосных гукаў па-карэйску. Выснова – людзі памятаюць родную мову, нават калі яны на ёй ніколі не казалі. А мода – паняцце зменлівае і часам непрадказальнае.   

Мы чуем яе пад зямлёй, на зямлі і ў паветры. Колькі чалавек сёння лічаць беларускую мову роднай? І колькі з нас размаўляе па-беларуску дома? Восенню – усеагульны перапіс насельніцтва. Рэспандэнты ўпершыню змогуць запоўніць анкету самастойна праз інтэрнэт на любой і любай мове.  

Подписывайтесь на нас в Telegram

Другие новости на ont.by