Общенациональное
телевидение
эфир:
@канал ONT.BY
Мнения







Інструкцыя аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу

ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку арганізацыі і правядзення Рэспубліканскага конкурсу
“Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі “Ліра”

1. Дадзеная Інструкця вызначае парадак арганізацыі і правядзення Рэспублiканскага конкурсу ”Нацыянальная музычная прэмiя ў галіне папулярнай музыкі “Ліра“ (далей – конкурс).

2. Конкурс праводзiцца ў мэтах:

адраджэння, развiцця, папулярызацыi лепшых традыцый i дасягненняў нацыянальнага эстраднага музычнага мастацтва, далучэння да iх шырокiх слаёў грамадства;

паказу дасягненняў у галiне эстраднага музычнага мастацтва;

павышэння прафесiйнага майстэрства ўдзельнiкаў конкурсу i папулярызацыi эстраднага музычнага мастацтва;

выяўлення i падтрымкi таленавiтай моладзi, павышэння ўзроўню выканальнiцкага майстэрства.

3. Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Мiнiстэрства культуры Рэспублікі Беларусь, закрытае акцыянернае таварыства ”Другі нацыянальны тэлеканал“ (далей, калi не вызначана iншае, – арганiзатары конкурсу).

Конкурс праводзіцца адзін раз у два гады. Канкрэтныя тэрміны правядзення конкурсу і месца яго правядзення вызначаюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з закрытым акцыянерным таварыствам ”Другі нацыянальны тэлеканал“.

Анансаванне і інфармацыйнае суправаджэнне конкурсу, стварэнне тэлевізійнай версіі гала-канцэрта, трансляцыі конкурсу забяспечваюцца закрытым акцыянерным таварыствам ”Другі нацыянальны тэлеканал“.

4. Iнфармацыя аб правядзеннi конкурсу размяшчаецца ў газеце “Культура”, iншых друкаваных сродках масавай iнфармацыi, на афiцыйных сайтах арганiзатараў конкурсу ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Iнтэрнэт i павiнна ўтрымлiваць звесткi аб месцы, тэрмінах, умовах і парадку правядзення конкурсу, крытэрыях і парадку ацэнкі ўдзельнікаў конкурсу, памерах і форме ўзнагарод, парадку i тэрмiнах абвяшчэння вынiкаў конкурсу, а таксама iншыя неабходныя звесткi.

5. Конкурс праводзiцца па наступных намiнацыях:

5.1. намiнацыi, пераможцы ў якiх вызначаюцца журы конкурсу на падставе прапаноў адборачнай камісіі з улiкам інтэрактыўнага iнтэрнэт-галасавання гледачоў:

”Лепшы выканаўца” (жаночы вакал);

”Лепшы выканаўца” (мужчынскi вакал);

”Лепшы калектыў выканаўцаў“;

”Лепшая песня на беларускай мове“;

“Лепшая песня года“;

“Лепшы кліп года“;

5.2. намiнацыi, пераможцы ў якiх вызначаюцца журы конкурсу на падставе прапаноў адборачнай камісіі:

“Лепшы аўтар музыкi“;

“Лепшы аўтар слоў“;

“Лепшы аранжыроўшчык“;

5.3. намінацыi, пераможцы ў якiх вызначаюцца арганізатарамі конкурсу на падставе прапаноў журы:

”Адкрыццё года“;

“Стыль года”;

“Нашы за мяжой”.

6. Удзел у конкурсе могуць прымаць:

аўтары, выканаўцы, аранжыроўшчыкі, рэжысёры – фізічныя асобы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;

калектывы мастацкай творчасці, не менш 80% складу якіх састаўляюць фізічныя асобы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

7. Для непасрэднага кiраўнiцтва арганiзацыяй i правядзеннем конкурсу ствараецца арганiзацыйны камiтэт, якi фармiруецца з прадстаўнiкоў дзяржаўных органаў (са згоды іх кіраўнікоў) i зацiкаўленых арганiзацый, фiзiчных асоб, якiя прымаюць удзел у правядзеннi конкурсу. Склад арганiзацыйнага камiтэта зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

8. Арганiзацыйны камiтэт:

8.1. ажыццяўляе непасрэднае кiраўнiцтва падрыхтоўкай i правядзеннем конкурсу, стварае дырэкцыю конкурсу;

8.2. разглядае i зацвярджае:

спiс удзельнiкаў конкурсу;

праграму правядзення конкурсу;

план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзеннi конкурсу;

склад адборачнай камiсii і журы конкурсу;

сiмволiку конкурсу, узоры ўзнагарод, iншую атрыбутыку;

8.3. вызначаевiды i формы iнфармацыйна-рэкламнай падтрымкi конкурсу;

8.4. вырашае iншыя пытаннi, якiя ўзнiкаюць у ходзе падрыхтоўкii правядзення конкурсу.

9. Дырэкцыя конкурсу:

9.1. ажыццяўляе непасрэдную арганізацыйную работу па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу;

9.2. фарміруе рабочыя службы, адміністрацыйныя групы для забеспячэння комплексу мерапрыемстваў па арганізацыі конкурсу;

9.3. распрацоўвае творчую канцэпцыю арганізацыі і правядзення гала-канцэрта;

9.4. каардынуе работу адборачнай камісіі, журы конкурсу, выконвае функцыі падліковай камісіі;

9.5. выконвае іншыя функцыі па забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзенні конкурсу.

10. На конкурсе разглядаюцца песні і відэакліпы, створаныя і (або) выкананыя ўдзельнікамі, пазначанымі ў пункце 6дадзенай Інструкцыі.

11. На конкурсе разглядаюцца песні і відэакліпы, рэалізаваныя (распаўсюджаныя праз глабальную камп'ютарную сетку Інтэрнэт, перададзеныя ў радыё- або тэлевізійны эфір, выкананыя публічна) у галіне эстраднага музычнага мастацтва ў перыяд са студзеня па снежань года правядзення конкурсу.

12. Конкурс па намінацыях, пазначаных у падпунктах 5.1 і 5.2 пункта 5 дадзенай Інструкцыі, праводзіцца ў тры этапы.

13. На першым этапе конкурсу закрытае акцыянернае таварыства ”Другі нацыянальны тэлеканал“ прадстаўляе звесткі аб рэйтынгах папулярнасці песень і відэакліпаў у сродках масавай інфармацыі ў дырэкцыю конкурсу.

14. Адборачная камісія, пачынаючы зкастрычніка года правядзення конкурсу, праводзіць маніторынг прадстаўленных у дырэкцыю конкурса звестак аб рэйтынгах папулярнасці песень і відэакліпаў і вызначае абагульненыя рэйтынгі папулярнасці песень і відэакліпаў у сродках масавай інфармацыі, у тым лiку ў штотыднёвых праграмах у эфiрах вядучых радыёстанцый краiны i ў эфiры праграмы “Наша ранiца” закрытага акцыянернага таварыства ”Другі нацыянальны тэлеканал“.

15. Абагульненыя рэйтынгі папулярнасці песень і відэакліпаў па намінацыях, пазначаных у падпункце 5.1 пункта 5 дадзенай Інструкцыі, з кастрычнікагода правядзення конкурсу размяшчаюцца на сайце закрытага акцыянернага таварыства ”Другі нацыянальны тэлеканал“ у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт для правядзення інтэрактыўнага інтэрнэт-галасавання гледачоў, якое праводзіцца гэтым таварыствам. Звесткі аб лідэрах інтэрактыўнага інтэрнэт-галасавання гледачоў па намінацыях, пазначаных у падпункце 5.1 пункта 5 дадзенай Інструкцыі, прадстаўляюцца закрытым акцыянерным таварыствам ”Другі нацыянальны тэлеканал“ у дырэкцыю конкурсу.

16. На падставе абагульненых рэйтынгаў папулярнасці песень і відэакліпаў па намінацыях, пазначаных у падпункце 5.2 пункта 5 дадзенай Інструкцыі, адборачная камісія вызначае кандыдатуры для ўдзелу ў другім этапе конкурсу і прадстаўляе іх у дырэкцыю конкурса.

17. Рашэнні адборачнай камiсii прымаюцца шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў і лiчацца правамоцнымі, калi на пасяджэннi прысутнiчала не менш паловы агульнага яе складу.

Рашэнні адборачнай камісіі афармляюцца пратаколамі, якiя падпiсваюцца старшынёй адборачнай камісіі i яе сакратаром.

18.На другім этапе конкурсу фарміруецца журы конкурсу з ліку творчых работнікаў, работнікаў культуры, дзеячаў культуры і мастацтва, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых зацікаўленых арганізацый.

19. На падставе прапаноў адборачнай камiсii журы конкурсу шляхам адкрытага галасавання простай большасцю галасоў вызначае не менш за тры прэтэндэнты на перамогу ў намiнацыях, пазначаных у падпунктах 5.1 і 5.2 пункта 5 дадзенай Інструкцыі. Рашэннi журы конкурсу лiчацца правамоцнымi, калi на пасяджэннi прысутнiчала не менш паловы агульнага яго складу.

20. Прапановы па прэтэндэнтах на перамогу па намінацыях, пазначаных у падпункце 5.3 пункта 5 дадзенай Інструкцыі, фарміруюцца журы конкурсу на падставе абагульненых рэйтынгаў папулярнасці песень і відэакліпаў па намінацыях, пазначаных у падпунктах 5.1. і 5.2 пункта 5 дадзенай Інструкцыі.

21. Рашэнні журы конкурсу афармляюцца пратаколамі, якiя падпiсваюцца старшынёй журы i яго сакратаром. Пры роўнай колькасці галасоў прынятым лічыцца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня журы ці ў выпадку яго адсутнасці асоба, якая выконвае яго абавязкі.

Журы мае права вызначыць у адной намінацыі двух пераможцаў або не вызначаць пераможцаў у той цi iншай намiнацыi конкурсу.

Члены журы на працягу правядзення конкурсу ўстрымліваюцца ад публічных ацэнак таго ці іншага ўдзельніка ў сродках масавай інфармацыі.

22. На трэцім этапе конкурсу журы конкурсу вызначае пераможцаў у намiнацыях, пазначаных у падпунктах 5.1 і 5.2 пункта 5 дадзенай Інструкцыі, з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій падчас гала-канцэрта.

23. Вынiкi конкурсу абвяшчаюцца ў студзенi года, наступнага за годам правядзення конкурсу на гала-канцэрце.

Кожны пераможца атрымлiвае прыз, якi з'яўляецца сiмвалам конкурсу, дыплом лаўрэата i грашовую прэмiю ў памеры 77 базавых велічынь.

Памер грашовых прэмiй можа быць павялiчаны за кошт пазабюджэтных сродкаў.

Пры вызначэннi двух пераможцаў у адной намiнацыі конкурсу грашовая прэмiя падзяляецца на роўныя часткi памiж дадзенымi пераможцамi.

У намінацыях ”Лепшая песня года“, ”Лепшая песня на беларускай мове“, ”Лепшы кліп года“ могуць узнагароджвацца аўтар музыкі, аўтар слоў, аранжыроўшчык, выканаўца і рэжысёр. Пры гэтым грашовая прэмія дзеліцца паміж імі на роўныя часткі.

24. Па рашэннi арганiзацыйнага камiтэта па вынiках конкурсу асобныя творчыя работнiкi, якiя ўнеслi значны ўклад у развiццё эстраднага музычнага мастацтва Рэспублiкi Беларусь, i юрыдычныя або фiзiчныя асобы, у тым лiку iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя прадастаўляюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу і робяць ахвяраваннi на развiццё музычнага эстраднага мастацтва, могуць быць узнагароджаны прызамi.

25. Дзяржаўнымі органамі, арганiзацыямi для пераможцаў могуць быць устаноўлены iншыя ўзнагароды i заахвочваннi.

26. Фiнансаванне конкурсу ажыццяўляецца ў межах:

сродкаў, прадугледжаных у рэспублiканскiм бюджэце Мiнiстэрству культуры Рэспублікі Беларусь на правядзенне цэнтралiзаваных культурных мерапрыемстваў;

сродкаў закрытага акцыянернага таварыства ”Другі нацыянальны тэлеканал“;

iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.




Обратный отсчет
Дело принципа
Дыхание планеты