Міжнародны Дзень роднай мовы: каханне, натхненне, блакіт

​Разам з краінай мы сёння святкуем Дзень роднай мовы. Міжнароднай падзея стала ў 2000 годзе. Галоўная мэта – папулярызацыя моўнай і культурнай разнастайнасці.

Разам з краінай мы сёння святкуем Дзень роднай мовы. Міжнароднай падзея стала ў 2000 годзе. Галоўная мэта – папулярызацыя моўнай і культурнай разнастайнасці.

Свята набывае асаблівае гучанне ў Год малой радзімы, пад гэтым знакам праходзіць 2018. Гэта час, каб узгадаць уласныя карані, месца нараджэння, гісторыю сваёй сям’і. Час ушанаваць мясцовыя традыцыі і ўвогуле нашу культуру, якую немагчыма ўявіць без роднай мовы.

«На прастор, на шырокі прастор!» Не пазналі? А калі ўзгадаем прозвішча Лабановіч? «Дзясятка за Коласа» – гэта не проста дыктоўка, каб раставіць усе кропкі над «і». Звышзадача – пазнаць твор па ўрыўку. На мове, на якой пісаў і якую абараняў класік.

На, здавалася б, зусім не музейны эксперымент, адважыліся студэнткі педагагічнага каледжа – будучыя выхавальніцы дзіцячых садкоў. Ім мова продкаў блізкая і далёкая адначасова.

«Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова». Гэты запавет Колас напісаў за некалькі месяцаў да смерці.

Здаецца, радкі са знакамітага ліста-закліку не губляюць актуальнасці і праз шэсць дзесяцігоддзяў. А з іншага боку – адзнакі ніжэй за сямёрку няма. Ёсць нават тая самая дзясятка – за Коласа.

У святочны дзень мова гучыць і за межамі краіны. У былой сталіцы – Вільні. Дыяспара, вучні гімназіі, дыпламаты. Ахвотных напісаць дыктоўку столькі, што не ўмясціла б амбасада. Тым больш, што ў Вільнюсе існуе беларускамоўная гімназія. Адна з некалькіх замежных. Дарэчы, дыктоўка прысвечана Дуніну-Марцінкевічу. Ён нарадзіўся 210 гадоў таму.

Старабеларуская – афіцыйная мова Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта справаводства вялі на ёй. Ці дастаткова зараз моўнага асяроддзя, каб вольна карыстацца беларускай мовай? Спрэчкі ідуць увесь час. Але ёсць і тыя, хто нядоўга разважае, але хутка робіць.

Ён працаваў у Купалаўскім тэатры… дворнікам. Потым збёг у вёску Прудок пад Калінкавічамі, дзе свой век дажывала дзедава хата. Замалёўкі, што не дазвалялі адчуць адзіноту сярод «тутэйшых», посціў у сацыяльнай сетцы. Калі колькасць прыхільнікаў пераваліла за дзесяць тысяч, вясковыя прыгоды апынуліся на паперы. Так яны сталі самай папулярнай кнігай на мове. А Андрусь Горват – самым знакамітым вяскоўцам і адначасова пісьменнікам.

Менавіта на малой радзіме ён адчувае сілу продкаў і натхненне пісаць. Як апынуўся ў Брэсце? Жартуе: прыехаў на гастролі.

Чарга за кнігай на мове: ці то мара, ці то жарт? Але здзейснілася. Першую тысячу экзэмпляраў «Радзіва „Прудок“» раскупілі за два дні. Пяцітысячны тыраж разышоўся літаральна за год. Усім ахвотным не хапіла. Будзе новая кніжка, і ў ёй вядома будзе Прудок. А пакуль Андрусь Горват – запрошаная зорка для тых, хто вырашыў адкрываць беларускую мову нанова.

Гэта неакадэмічны курс. Тут строгі настаўнік не паставіць двойку. Больш за тое – курсы бясплатныя. Чатыры гады таму пачыналі з Мінска, зараз «Мова нанова» існуе ў 17 гарадах. Штотыдзень – амаль 650 студэнтаў. І ніякай палітыкі.

Крамы, шыльды, рэклама па-беларуску. Кажучы проста, калі мова ў трэндзе, яна будзе жыць. Але ці будзе пашырацца? Дзе спытаць, як не ў парламенце! На ўваходзе – рэальнае двухмоўе. Беларускамоўны дэпутат, яна ж на чале «Таварыства беларускай мовы», кажа: пачуўшы яе гаворку, дэпутаты з лёгкасцю пераходзяць на мову.

На хвілінку – у Швейцарыі чатыры дзяржаўныя мовы. Тое, што афіцыйнае двухмоўе – гэта не толькі правы, але і абавязкі, лічыць і яшчэ адзін беларускамоўны дэпутат. Што тычыцца, напрыклад, сям’і, Марзалюк раіць – аніякага прымусу. І зусім іншая справа – дзяржаўныя служачыя. Як заканатворца ён кажа: чытайце законы ўважліва.

Адсюль вынікае, што можна мець розныя палітычныя погляды, жыць у сталіцы ці ў вёсцы, альбо нават за мяжой, чытаць Коласа ці Горвата, але мова сапраўды тое, што нас яднае. І тыя, хто на мову пераклаў уласнае жыццё, кажуць: гэта магчыма – спаць і бачыць беларускамоўныя сны.

Подписывайтесь на нас в Telegram